гідратэхнічнае збудаванне, якое ажыццяўляе забор вады з адкрытага вадаёма (ракі, возера, вадасховішча) для мэт гідраэнергетыкі, водазабеспячэння, ірыгацыі і інш. Забяспечвае пропуск вады ў вадавод (канал, трубаправод, тунэль і інш.) у зададзеным аб’ёме, належнай якасці і ў адпаведнасці з графікам водаспажывання.
Бываюць: безнапорныя і напорныя; водазаборныя збудаванні ГЭС — берагавыя, вежавыя, на бетонных збудаваннях, плывучыя; водазаборныя збудаванні сістэм водазабеспячэння — водапрыёмнікі (збіраюць ваду ад асушальных сістэм і адводзяць яе); рачныя — берагавыя, рэчышчавыя, каўшовыя (з басейнам-каўшом у галаве канала); ірыгацыйныя — бесплацінныя (у т. л. берагавыя, каўшовыя і шпорныя са. шпорай-дамбай, якая выступае ў рэчышча) і плацінныя (будуюцца ў целе плаціны або на беразе, забіраюць ваду з верхняга б’ефа). Для забору падземных вод выкарыстоўваюць вертыкальныя (у выглядзе буравых свідравін і шахтавых калодзежаў) і гарызантальныя (траншэйныя, галерэйныя) водазаборныя збудаванні, а таксама каптажныя збудаванні (гл.Каптаж).
А.Я.Вакар.
Схемы водазаборных збудаванняў: а — галаўнога берагавога (1 — рашотка для затрымкі смецця, 2 — засаўка, 3 — рыбазагараджальнік, 4 — усмоктвальная труба); б — бесплаціннага паверхневага берагавога (1 — рэгулятар з засаўкамі, 2 — канал); в — бесплаціннага паверхневага каўшовага (1 — коўш, 2 — трубаправод).